Годзе, жытцо маё, годзе, насьпелае, З хмарамі, з бурамі знацца, дружыць; Годзе шумеці, думкі нясьмелыя, Годзе загоны сабой харашыць! Жнеяў прыйшла во дружына вялікая, Зь песьняй за дзела ўзялася сваё; Серп, як маланка, ўскок бегае, сыкае, Глуха снапамі кладзецца жытцо. Талі ў калючым аржоньні з павагаю Мэтлікі шнурам адзін за адным; Сэрца забілась надзеі адвагаю: Ёсьць на што глянуць, пацешыцца чым. Эх, заплаці ж, дабрыцо, ты аратаму За яго ў полі ўвесь труд над табой: Дай ты багацьце яму, небагатаму, – З клеці ня зводзься ягонай пустой. Хай яго збудуцца думкі, адналеча Гэтулькі вынесе, выцерпе ён, З году у год аручы, засяваючы, Потам, крывёю абліты загон!..
[1906–1912]
|
|