#1 Дайце скрыпку мне маю. Дайце мне мой смык! Я зайграю, запяю, Як жыве мужык. Глянь: вялікае сяло – Ветрам хоць разьвей, Завяло ж там, завяло Бяздольле людзей! Бачыш, быццам чалавек, Векам малады: Сьлёзы лезуць з-пад павек, Гнецца ад бяды. Сіла згублена ў палях, Сышла ні за грош, Дыхавіца у грудзях, У каленях дрож. Колькі слава і рука За жыцьцё цярпіць! Адно доля бедака Сном вячыстым сьпіць, За ўсю працу, за ўвесь труд, Зьвярнуцца к каму? Камень голы там і тут Платаю яму. Летам выаздабе ў пот Мачыху-зямлю, – Увосень схопіць недарод За работу ўсю. Зімой – холадам зь сям’ёй Воўкам завядзе, На паліцу зуб вясной З голаду кладзе. Так ідзе за годам год, I не паглядзіш – Ачапіў Мікіту звод, Лёг пад белы крыж.
#2 Кепска жыці! дый што зробіш? Цярпець мусіш як-нібудзь, Грош заробіш, два праробіш, Кроў, пот, сьлёзы век цякуць. Няма ботаў – лапці носіш, Абы толькі стала лык; Штось украдзеш, штось заробіш, Вось і сыт я, гад, мужык. Ў тры пагібелі гну сьпіну Перад тым, хто сьсе мой пот; Скажаш праўду – як скаціну, Цябе злаюць на ўвесь род. Цэлы век безь перарыву Гараваў, ракой пот цёк, I вось – дайцеся ўсе дзіву – Я ад беднасьці ня ўцёк. Голы, босы хадзіў дзіцем, – Цяпер стар, і ўсё ж ня ўскрос: Паглядзіце, пасудзіце – Я таксама гол і бос. Скора з чэрвямі сам-насам Сьмерць папрэ жыць бедака, Вы ж ці глянулі хто часам На магілу мужыка? Варта глянуць: крыж яловы Пахіліўся, мохам зрос; Насып, знаць, калісь дзярновы, Дажджавы ручай разьнёс. Замест ружаў, геаргіняў – Крапіва, лаза, палын, А пад імі ў дамавіне Ляжу я – нядолі сын. Спачываю, пазабыты I чужымі, і сваймі... О, цяпер адзет і сыты! Жыў зь зямлі і сьпі ў зямлі. Над мной восеньню слатлівай Ды зімоваю парой Гудзіць вецер жаласьліва Песьняй гораснай такой. Вецер сьвішча, вецер стогне, Жальбы шле ў выцьці дзіком, Можа, сэрца чыё дрогне I ўздыхне над мужыком.
#3 Сагнуўшы плечы ў крук, Араў зямлю Паўлюк, Як чорны вол варочаў, А з дня ў дзень, з году ў год За плот шоў ўвесь прыплод, Сам днём блудзіў, як ночай. Так выйшла ўся моц з жыл, – Араць ня стала сіл, Настаў канец дакукі... З касою сьмерць прыйшла, З сабой весьць прынясла: Пара складаці рукі! Ўзяў шлюб зь зямлёй Паўлюк, Ня гне ўжо плечы ў крук, Быдлём ня чэзьне болей. Памёр і не спазнаў, Што на чужых араў Ўвесь век чужое поле.
#4 За сахой, бараной, За сярпом і касой З дня на дзень, з году ў год Сьлёзы, пот лье народ, А за гэта за ўсё Што ж здабыў за жыцьцё? Гэй, го-го! Гэй, го-го! Мы жывём і пяём, Хлеб наш людзі ядуць, Мы ж мякіну жуём!.. З тапаром і пілой Маразянай зімой З дня на дзень, з году ў год Шуркі ставіць народ, А за гэта за ўсё Што ж здабыў за жыцьцё? Гэй, го-го! Гэй, го-го! Мы жывём і пяём, Аграваем другіх, Самі холад клянём!.. На палац, на пакой На сьпіне на худой З дня на дзень, з году ў год Бэлькі носіць народ, А за гэта за ўсё Што здабыў за жыцьцё? Гэй, го-го! Гэй, го-го! Мы жывём і пяем, Дамы ставім людзям, Самі мром пад вуглом!..
#5 Як выйду за хату На траву-лагі, А што ж касіць буду, Божа дарагі? Ой, лю-лі, лю-лі, Што ж буду касіць?.. Туды-сюды, сям-там – Сьмех казаці людзям: Сівец, аер, куп’ё – Вось і ўсё, вось і ўсё! * Як выйду за хату, Дзе дабро – шнурок, А што буду жаць я, Зьбіраць, везьці ў ток? Ой, лю-лі, лю-лі, Што ж буду зьбіраць? Туды-сюды, сям-там – Сьмех казаці людзям: Мятлу, гірсу, званец, – Вось і ўсё, і канец! * Як выйду за хату, – Бор шуміць, пяе... А што ж буду сеч я, Дзе хвойкі мае? Ой, лю-лі, лю-лі, Дзе дровы, бярно? Туды-сюды, сям-там – Сьмех казаці людзям: Лаза, корчык, гнільлё, – Вось і ўсё, вось і ўсё! * Як выйду за хату, – Дарога ідзе, А куды ж, кудою Мяне павядзе? Ой, лю-лі, лю-лі, Куды ж завядзе? Туды-сюды, сям-там – Сьмех казаці людзям: У астрог, у карчму, – Вось і ўсё усяму!..
#6 Эх, дзяцюк, хама ўнук, Сын бяды і працы, Чаго прэш, як сьляпы, Ў панскія палацы? Ці там сват, ці камрад, Ці брат, ці сястрычка? Ці цябе вабіць там Панна-белалічка? Ці табе па арбе, Трудах, потам зьлітых, Весялей, шчасьлівей Між паноў, між сытых? А мо’ дзе на куце Разам там саджаюць І віном дарагім Частуюць, прымаюць?.. Эх, Арцём! ня твой дом – Панскія парогі, Не твае там дружкі, Мой ты браце ўбогі. Бач, стаіш і дрыжыш З шапкаю ў парозе – Вось якраз, як зімой З дрэвам на марозе. А во, глянь, лепей стань, Кланяйся здалёку: К табе аж пад парог Нясе чарку лёкай. Трэба піць, закусіць Недаежай панскай, У руку цмакануць За прывет, за ласку. А вунь, дзе панна йдзе, – Якія, ах, шаты! Што глядзіш? – у яе Ёсьць паніч багаты. Як там ёсьць, ты ўсё ж госьць, – Думай і аб хаце... Вось, сабак дворных дзе Не спаткай, мой браце. Ну, пайшоў ты дамоў Нязваны, нясланы, Са сьлязой пад брывой, Нясыты, няп’яны. Знаць, ня так, небарак, Думаў разгасьціцца: За сталом з багачом Піці, весяліцца. Што ж рабіць? трэба жыць... Слухай долі-маткі I панам ня хлюсьці, Пільнуй сваёй хаткі, Цемнаце, беднаце Палац не стаўляўся: Не такі ў ім народ, Каб на рэчы знаўся. Вер, ня вер, як ня мер, Мой гаротны браце, – Дзе радзіўся, дзе ўзрос, – Трэба і ўміраці.
#7 Сажань шырынёю Надзельны шнурок... Пустыня, бяз гною, Каменьне, пясок... Пад сьнегам адпрэла Жытцо за зіму; Прыхваціпа, зьела Сьпека ярыну. Бульба – як арэхі, Як цьвек – бурачок... – Вось скарбы, пацехі Твае, мужычок! Багаты будзь зь нівы, Ўвесь чынш заплаці; Будзь весел, шчасьлівы, Ня пі, не крадзі! Жый згодна з усімі І Бога хвалі, Не крычы з другімі: «Свабоды! Зямлі!»
#8 Нашто хлеб, нашто багацьце, Калі нам мякіны хваце? Нашто боты, чаравікі, Калі ёсьць лаза і лыкі? Нашто век зямлі хацеці? Памром – сажань будзем меці! Нашто новыя нам хаты? Казна, двор і так багаты. Нашто сьвет навукі шчаснай, Калі сьлёзы сьвецяць ясна? Нашто лек на гора болькі, Калі маем манаполькі? Нашто знаці ўсяго многа? I так трапім да астрога!..
[1907–1912]
|
|