РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Алесь Змагар
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
За Бацькаўшчыну
Ўжо нясуць хлапчука у зямлянку:
У грудзёх рана сьмяртэльна была;
Там чакала Матуля ад ранку -
Пераведаць сыночка прышла.
 
Палажылі яго каля ганку.
Акрываўлены ён застагнаў‚
Ў рукі крыжык далі й адразанку
Й засьпяшаліся: - Хлопча‚ бывай!
 
Ня стрымалася Маці: - Мой сыну!
Дарагі мой! Радзімы ты мой!
Ты радзіўся ў ліхую гадзіну.
Як мне жыць будзе беднай адной?
 
Пакажы‚ ці вялікая рана?
Мабыць‚ моцна пячэ і баліць?
- Ужо жыцьцё маё Богам забрана‚
Родна Матка! Ня доўга мне жыць.
 
Не баліць рана гэтак‚ як путы‚
Што прынёс нам з Масквы бальшавік.
Ў кайданы зноў Краіна закута‚
Зноў пад паншчыну трапіў мужык.
 
Рана‚ што у грудзёх‚ мне салодка:
Ў ёй ратунак Радзімы мае.
Гуртам зьнішчым аковы-калодкі‚
Гэта рана нам волю дае.
 
А цяпер... Мая родная Матка‚
Паміраю!.. Навекі бывай!
Даруй‚ Бацькаўшчына! Родна хатка!
Даруй‚ родны народ!.. Родны Край!..
 
І памёр наш юнак‚ і ня ўбачыў‚
Як крывавіўся Край у асьцёх;
З цяжкаю ранаю‚ але без плачу
Ён аддаў маладое жыцьцё.
 
Слуцак, лістапад 1920
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.