РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Тваё імя

Маці родная, Маці-краіна,
Не усьцішыцца гэтакі боль.
#М. Багдановіч

 
О, Беларусь,
                          о, Беларусь мая!
Імя Тваё – такі пякучы сымбаль болю!
Ды шчыра ўсьцяж яго
багаслаўляю я:
ізь ім я –
чалавек,
у долю і ў нядолю.
Пранізанае ім, маё жыцьцё брыдзе,
маўляў мяжой ціхой,
ярамі вуліц змрочных,
і не баліць мне, што вітае дзень
мяне чужою мовай,
а чужымі снамі – ночы...
Дзіўны ён, гэты боль,
і дзіўна лёгка зь ім:
прысыпаўшы пяском друз прагі і завісьці,
ён
раньнямі мяне ды мескай мітусьні
няспынную кіпень
мяккой лагодай хрысьціць.
Ён зьмеркамі зь мяне пясьціва ўмее зьняць
важкую стому, кроў
зайскрыць узноў да працы,
зьняверу, там, на дне,
даўкія крыўды дня
парваць,
каб ім і мне як разам не зыграцца.
І сны –
мне явай скрозь,
а сяньня явы – сон,
ссыпаецца з душы лушпіньне людскай зьвягі...
Імкліваю Вяльлёй пяе сівы Гудзон,
мурамі Вільні таюць небасягі...
I ўкласьці я хачу на струны,
як Баян,
шнур пальцаў – лебядзёў,
і граць,
і граць з жадою.
О, Беларусь,
                          о, Беларусь мая,
паўз боль пякучы граць
Табе,
            Табою!
 
1958
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.