РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Каб ня маці...
Шмат на сьцежках людскіх мітусьні,
шмат няпраўды гаркое і болю.
Ад маленства ўжо – сэрцы ў агні,
ад маленства ўжо – крыўды нас колюць.
 
Ледзьве выцягнеш рукі ў жыцьцё, –
ўсё ня хлебам, каменьмі нам плаціць.
Не дало б яму рады дзіцё,
каб ня неба, ня сонца,
ня маці.
 
Маці... Мама... як сьціпла гучыць
гэта цёплае, цёплае слова,
ды ўсе жалі, ўсе жахі начы
перад ім пахіляюць галовы.
 
Маці! Колькі ж ты раз да зары
над схварэлымі намі сядзела,
сьцень палёгкі сачыла ў твары,
грэла вуснамі сьцерплае цела...
 
Колькі скрозь пагубляла ты сьлёз,
гэткіх чыстых, гарачых і шчырых,
калі гналі нас прага і лёс
ад цябе, зь ветрам сінім у вырай!
 
Мама! Любая! Ты не крыўдуй
на нас, птушак няспынных, крылатых:
із ТВАІМ я імём іду
ў сьвет, СВАЕ гадаваць птушаняты!
 
1958
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.