Ты не адна, о, Случчына, ні першай ты не была у нас, ні на табе – канцы. Нядолю й славу нашую не прыцярушыць стынь. Ублытаны яны нат у чужыя вершы – Монтэ-Касына і Катынь... I, неаплаканых сьлязою жоўтай воску, іх – слуцкіх ці наваградскіх – ляжыць ці мала ўжо уздоўж бязьмежнае мяжы зямлі, у нэтры тайгавай, на ўскраі родных вёскаў... Крыжы бо ўсюды і крыжы... Было ўсяго у нас: паходаў трубы, горны баёў, распаленых дачырвана, мячы, нязможныя пад Воршай, і мячы Грунвальда... Шлях да мораў торны... I Каліноўскага пачын... Быў Сакавік... Але... і вал счарнелых целаў у палынох сівых над Ворсклай... Амсьціслаў... Вядроша... Быў вякі чужым папас, паплаў... I быў – ды й ёсьць – Усход, крывавы і дадзелы, што лёс на каркі нам усклаў. Хто нас не прадаваў, ня браўся йрваць з карэньнем, хто парасткаў зялёных не таптаў? Ці ўвосень не па іх галосе Палата, ўздыхае прадзед Нёман, і старэнна складае сказ народ... Хай так... Ды мы – жывыя ўсьцяж, нат тыя, што памершы, і заўтра ўжо мо зноў лынуць у бой байцы, жаўнерскай песьні губячы гасьцінцам шумяльцы, бо – не адна ты, Случчына, у нас. Ні першай ты не была, ні на табе й канцы.
1960
|
|