РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Восені
Даруй, што цябе ня бачу,
калі, у вясьне па грудзі,
лугамі брыду наўдачу:
узноў ты маёю будзеш.
На жарты ж і сіне сяньня,
і ветраў зялёных зграя.
Міне ўсё – й далоняй шклянай
на шыбах ты ўзноў заграеш.
 
*

Хто ж мне, як ня ты, разгарнула
зрудзелы папірус узьлесьсяў,
дзе густа, як нітка на шпулю,
лягла ліста жоўтага песьня?
Табою я толькі па сьвеце
сваю абнашу, залатую,
хай стрэчны настырлівы вецер
злым жартам са мною жартуе.
 
*

Ёсьць дзіваў так шмат на сьвеце,
дзіўнейшых за ўсе дзівосы...
Мне ж
дзівам найбольшым –
вецьце,
якое залоціць восень,
далоні чырвоных клёнаў
жывыя, людскія быццам,
асеньніх асін калёны,
якім я магла б маліцца.
 
*

Дык як тут ня жыць мне табою,
ледзь верасень
жоўтай журбою
на мескія ссыплецца брукі?
Я ж толькі лісток прыжаўцелы,
табе,
без крыві і бязь цела,
вятрамі укінены ў рукі.
 
1963
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.