РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Адвітаньне
Вось і яшчэ адну восень
я адвітала, у цішы,
сэрцам і целам з каменьня.
Тутка па ёй не галосіць
ані прадоньне, ні ўзвышшы,
ані суддзя наш найвышшы –
наша дзіўное сумленьне.
Тут
залатую хаваюць
моўчкі, ледзь першы жаўтавы
ліст залунае над мурам,
зычаць нябожчыцы раю,
хрыплагалоса гугнявяць,
сьвечкі таненькія ставяць,
місы з сытою ды журам...
Плач ці ня плач –
не паможаш,
клёнаў назад не адзенеш,
дзён залатых не ссукаеш,
сіверу не адварожыш,
сэрцаў людскіх не адменіш,
як ні выцягваеш жмені, –
праўда ўжо скрозь такая.
Зраніш адно, навярэдзіш
пальцы, і пясьці, і рукі
у неразумным змаганьні.
Вось я
шнур пацерак зь медзі
з шыі зьняла без прынукі:
хай нас асеньняй дакукай
не харашаць
і ня раняць.
 
1963
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.