РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мне рупіць
Я выходжу нараньні на места
з ношкай, сіняй такой, за плячыма
(гэта сны, недасьнёныя сяньня).
Напярэймы бягуць мне завулкі,
сьпехам гасячы ночныя сьвётлы,
і ўстае над засьмечаным брукам
зігатлівая, тут нават, восень.
Мне чутно, як пад таннай апраткай
сэрца стукае,
бачу, як рукі –
вёслы горнуць сівое паветра,
чую крокі важкія, хай сьледу
на вільготным пяску не дагледжу.
Што ж,
няхай прамінае бясьсьледна
йшчэ адна,
зноўку жоўтая, восень.
Я ж іду ля тых самых будынін,
я ж тапчу тыя самыя пліты
камянёў, цагліны ды асфальту,
што й заўжды –
і ў дажын, і увесну...
А што клён залатых завушнічак
начапляў
ды што звоняць а звоняць, –
дык на тое ж і восень... Мне рупіць –
ці яшчэ адна, гэткая, будзе
для мяне,
для жывое –
жывая.
 
1963
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.