РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Госьця
Зноў восень, зноўку ты з намі
ўсюды –
ў садох... на сумленьні...
ходзіш прыціхлымі днямі,
ў жоўтым лісьці па калені,
сочыш,
ці гнёзды пустыя
ў дрэвах разьдзетых, ці вырай
кліністы
восеньскай стыняй
крылаў ня зраніў прысталых,
яблык шукаеш у гольлі,
важыш у жмені арэхі,
прымаразь срэбную полеш
золкам на сьцежках,
на стрэхах,
лёд першы ў прыгаршчах крышыш,
гэткі званкі а ламлівы,
грэеш далоні ў вагнішчах
незагасільных галінаў...
Зорацца з жалем старыя
ў зьзянь залатых узьлесьсяў:
восень ім,
час, што ў вырай,
іх лебядзіная песьня.
Сэрца ня мае да госьці
й моладзь – зялёныя сосны:
што каму рупіць восень
скрозь, калі ў сэрцах весны?
Мала баліць пазалота
дзён верасьнёвых
і рэшце:
сьвету ж
абы умалотна,
тлуста, бяздумна і ўсьцешна.
Дык не чутно мо й паэту,
як б’е ў званы пад шнуроўкай
восені сэрца
ў такт сьвету
й нашым
                    узноў а узноўку?
 
1962–1963
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.