РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Час – ня час
Сіня. Сонца. Падсохлыя брукі.
Беспрычынныя стрэчных усьмешкі.
Радасьць
рупіць раскінуць рукі,
дзесь за сьветы падацца пешкі.
Цешаць
першыя пырскі зыркія
весьніх крокусаў, пупышкі вецьця,
галубоў шчыры юр
і такія
думкі –
хоць іх
                рассып ты па сьвеце!
Дзе ні глянеш –
вясна,
ды якая!
Не саступіш –
папхне, перакіне!
Марны скверык – раскінуўся гаем,
неба латка – бязьмежжам сінім!
Песьцяць сэрца й худыя вазоны,
й брукі ў белі паперкавай лускі,
і ўсё чыста –
бо вецер з Гудзона
сяньня нейкі зусім беларускі!
Больш ня хочацца быць
                                                      пэсімістам,
што ўсю людскую зьведаў аблуду...
Асыпацца асеньнім лістам
час – ня час,
а яшчэ ж
                    ня буду!
 
1964
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.