Ахвярую Алегу Мінкіну
I Жыў калісьці на Палесьсі майстра адмысловы, ён ствараў званы, як песьні, ён вучыў іх словам. I яго званы, бы людзі крывіцкага роду, не хавалі медны грудзі за сваім народам. Біў пярун па тых званіцах, што натоўп склікалі, ды ад лёсу адхрысьціцца людзі не жадалі. А званы нясьлі па вёсках ад Дняпра да Буга словы волі, голас боскі: Дзіда! Меч! Кальчуга!
II Куды вядзе мяне дарога? Каго спытаць пра гэты шлях? Хіба што званара старога, ён будзіць нашых продкаў прах, ён атрасае гучным звонам расу ў краіне верасоў, і перад гэтым цуда-громам капелюхі ляцяць з галоў, капелюхі ляцяць далоў, калі званар, як птах магутны, нібыта крыльлем, да званоў рукамі і душой прыкуты. Куды вядзе мяне дарога, я ведаю, каго спытаць, ісьці нямала і нямнога, ісьці – пакуль званы зьвіняць. Так, будзе цяжка, пеклам здасца бальшак да ісьцінаў зямных, здалець яго – такая ж праца, як з чорнай медзі ліць званы.
|
|