У нябёсах маіх дагараюць вагні, Непрытомныя гаснуць ад холада. Што сабраў я сабе на апошнія дні... Срэбра веры ці мудрасьці золата? Ці любіў я? Любіў! Сяброў, маці, віно... Кляўся Бацькаўшчыне да магілы, Ды ў сузор’я майго, Бы ў калосься ў жніво, Ад пакуты надтрэснулі жылы. I куды б я ні йшоў – Яно ходзіць за мной? Можа, хмару наклікаць якую? Каб ня бачыць яго над сваёй галавой Хоць тагды, калі зь любай балюю. I таму не пытай, чаму сумны такі, I любі мяне толькі шчасьлівым, За віном, за сяброўскім сталом гаваркім, За лістом да матулі – маўклівым, Бо ў нябёсах маіх дагараюць вагні, Непрытомныя гаснуць ад холада, Бо сабраў я сабе на астатнія дні Прагу жыць, а ня срэбра й ня золата.
|
|