РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чалавек чалавеку брат

Homo homini lupus est.

 
Чалавек чалавеку – воўк.
Першы ў гэтую праўду хрэст
маіх дзён
                    разьвіваў сувой.
А пасьлей –
                          хто хацеў, хрысьціў
ці вадою, ці безь яе,
й крыўд набрала я до у трысьці –
у жыцьці,
аж яшчэ стае.
Глуха шасталі дні – сьцяблы:
па зіме –
                    зноў сяўба... жніво...
Не збываўся тых слоў палын
«Чалавек чалавеку – воўк».
Не гублялі іх чары рук,
сэрца
ў кратах крывых рабрын...
На сваім я гарбе ўгару
узьняла іх,
праўдзівых,
                          тры.
Ды, ўсе ў белі,
                                ішлі вітаць
і лагчыны й сады
мой сум.
Сіняй руняй плылі жыта,
асыпалі мне ўсьлед расу.
Ападаў
                  на мае сьляды,
па расе,
дрэў барвовых ліст,
спавіваў,
                    як брылі гады,
ў чар нязвыклы маё
«калісь».
Прытулю
да вачэй далонь –
...і ўжо межаў відаць слупы.
Дзіў,
          што іншы ўсё,
што было,
церушыць мне на вейкі
пыл...
I,
паціснуўшы пальцы вясьне,
хай на ростань зь ёй
не пара,
я шпурляю ў ігрушаў сьнег:
«Чалавек чалавеку – брат!»
 
1964, Нью-Ёрк.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.