РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Памяці кампазытара Міколы Куліковіча
Яшчэ адзін із нас дапяў, як мог, канца...
Пайшоў... Ня вернеш...
Ды пакінуў песьні.
Хай Творцы ўжо няма, – як рэзвы вецер весьні, –
нам іх не запыніць, ім крыльляў не прыцяць...
За іх
апошняй ніткаю чаплялася жыцьцё
Ягонае,
яны – зьнялі свайму музыку
з грудзей апошні камень,
іх ён клікаў,
ужо нямы, набыўшыся ў гасьцёх
у мачахі-зямлі...
А у мястовай мгле
ўставала дзіўнае крыху, хай сплаканае раньне,
і вецер золкі места больш ня раніў,
а нейкаю ціхой лагодаю пылеў.
На сьвет бо ўжо вясна зьбіралася: сьнягі
плылі уздоўж дарог нітамі ручаінаў
і плечы радасна, чакаючы пачыну,
распроствалі сады, і руні, і лугі.
А Ён – любіў вясну, хай мескую,
зь лядком
вячорных лужын, з капяжамі,
з новым
уздымам сілаў творчых, зь перазвонам
сугуччаў новых, весьніх, за вакном.
I вось –
яшчэ адну, апошнюю, пражыць
ня собіла музыку... Недзе ў нейкай
далечы, накшыя над ім заходзяцца жалейкі,
інакшыя яму сьпяваюць крапяжы...
Ён – адышоў ад нас...
Яшчэ, яшчэ адзін,
што над будзённасьцяй,
над шэрасьцяй, стаялі,
што жыць ня ўмеў,
што ўдосыць крыўдаў, жаляў
напіўся, хай яму іх талент саладзіў...
Але... Няма музыкі...
Ён – дапяў канца...
Але жывуць, зьвіняць,
гучаць музыкі песьні.
Ня дайма ж ім
няпамяцяй і плесьняй
накрыцца.
I – як Ён сканаў –
сканаць!
 
29.XI.1970.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.