РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Люрдаўская песьня
Над сьпелым калосьсем сьпяваюць званы,
аб дзіве дзіўнейшым скрозь весьцяць яны.
Авэ, авэ, авэ, Марыя,
вітай, вітай, вітай, Марыя.
 
Ледзь сонца ўзьнялося над сеткай палёў, –
пайшла Бэрнардэтка у лес па гальлё.
Авэ, авэ, авэ, Марыя,
вітай, вітай, вітай, Марыя.
 
Аж раптам гарачы, нястрымны віхор
ад скал Масабэльскіх нізрынуў на бор.
Авэ, авэ, авэ, Марыя,
вітай, вітай, вітай, Марыя.
 
Нясьцерпнае зьзяньне шугнула да хмар
і папараць-кветкай успыхнуў гушчар.
Авэ, авэ, авэ, Марыя,
вітай, вітай, вітай, Марыя.
 
Схіліліся нізка да сьцерпнай зямлі
і ніцыя зёлы, й дубы-каралі.
Авэ, авэ, авэ, Марыя,
вітай, вітай, вітай, Марыя.
 
Замерла дзяўчына, прыльгнула да пня,
ня сьмее павекі у зьзяньне узьняць.
Авэ, авэ, авэ, Марыя,
вітай, вітай, вітай, Марыя.
 
Нарэшце зірнула – за зоры сьвятлей –
праменная Дзева стаіць на скале.
Авэ, авэ, авэ, Марыя,
вітай, вітай, вітай, Марыя.
 
Кашуля – як сьнег той, як неба паяс,
аблічча, як вёсны ціхія у нас.
Авэ, авэ, авэ, Марыя,
вітай, вітай, вітай, Марыя.
 
Зярняты ражанцу зіхцяць на руках,
і белыя ружы услалі ёй шлях.
Авэ, авэ, авэ, Марыя,
вітай, вітай, вітай, Марыя.
 
Схінула калені ў пакоры дзіця,
трымціць, як над плёсам сьцяблінка трысьця.
Авэ, авэ, авэ, Марыя,
вітай, вітай, вітай, Марыя.
 
I вуснамі ссохшымі шэпча, бы ў сьне:
«О, будзь міласьцівай да нас, да мяне!»
Авэ, авэ, авэ, Марыя,
вітай, вітай, вітай, Марыя.
 
Ды згінула Зьява... Сацьмела скала...
Чакала малая, шукала й пайшла.
Авэ, авэ, авэ, Марыя,
вітай, вітай, вітай Марыя.
 
Назаўтра, ледзь ранак усплыў над зямлёй,
ня сьпіць Бэрнардэтка, ірвецца ў гальлё.
Авэ, авэ, авэ, Марыя,
вітай, вітай, вітай, Марыя.
 
Туды, дзе учора, між скалаў, адна,
Чароўную Постаць вітала яна.
Авэ, авэ, авэ, Марыя,
вітай, вітай, вітай, Марыя.
 
«Дазволь мне, матуля, ісьці да Яе,
мне радасьць дзіўная чакаць не дае»!
Авэ, авэ, авэ, Марыя,
вітай, вітай, вітай, Марыя.
 
I лёгкаю птушкай памкнула ў туман.
I зноўкі ёй Дзева зьявілася там.
Авэ, авэ, авэ, Марыя,
вітай, вітай, вітай, Марыя.
 
«Што хочаш? Скажы, – моліць Дзеву дзіця, –
«Твая ж я уся, пакуль стане жыцьця».
Авэ, авэ, авэ, Марыя,
вітай, вітай, вітай, Марыя.
 
«Прыходзь да мяне і сябровак бяры,
два тыдні із вамі я буду ў бары».
Авэ, авэ, авэ, Марыя,
вітай, вітай, вітай, Марыя.
 
«Табе ж прыракаю я, любка мая,
ціхое жыцьцё й нябёсы пасьля».
Авэ, авэ, авэ, Марыя,
вітай, вітай, вітай, Марыя.
 
Так сталася, й дзеці паверылі Ёй,
ды цяжка даць рады няверы людской...
Авэ, авэ, авэ, Марыя,
вітай, вітай, вітай, Марыя!
 
1970
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.