РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чарнобыль
Весьні ранак...
Ужо на парозе
я спыняю зьнянацку хаду:
надта ж хораша зноўку бярозы
карагоды на ўзгорках вядуць!
 
Іх імклівыя рукі на сіні
далячынь ткуць празрысты узор.
Курапаты, Чарнобыль, Катыні
ім ня засьцяць ні вёснаў, ні зор.
 
Мне ж... мне мроіцца іншае раньне:
хлопчык з пужкаю... статак... раса...
Ўпершыню ў поле выгнаў ён сяньня...
красавік... Люба ў сонцы гайсаць!
Сонца ж – скрозь! Уваччу, у лазовым
жоўтым пухам прыбраным гальлі,
нат у шчаснасьці той, без назову,
ад якое аж сэрца баліць!
 
I няўпрыцям нікому з худобы
чалавечай, што стоены сьцень,
чорны сьцень... найчарнейшы...
                                                                      Чарнобыль –
ужо крые, накрыў іхны дзень,
што з худой пастушковае жменькі
хутка выпадзе пужка, што ён,
як і безьлічы меншых маленькіх,
моўчкі прыме пакутлівы скон,
што узноў над маёй Беларусяй
прарасьце, забуяе бяда,
што...
            Ды лепей вазьму памалюся,
да людскога і свой боль дадам.
 
Божа! Божа! Адзіны ў Сусьвеце,
што ўсё знае, ўсё можа, зрабі ж,
каб за нас не пакутвалі дзеці,
не яны каб, а мы несьлі крыж!
 
1992
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.