РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Алесь Змагар
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Былі гэроі
- Скажы мне‚ тата‚ ці то праўда‚
Што наш народ калісь з пагардай
Адкінуў рускае ярмо?
Ўхапіўся ён за зброю дружна‚
І залунаў кліч сьмелых‚ мужных:
«Лепш сьмерць‚ чым Волю аддамо».
 
- Было‚ сынок... Было ў нас золка‚
Ды раптам залунаў вясёлкай
Наш Дваццаць Пяты Сакавік.
І радасьць расплылася ў хатах:
Вяселяцца хлапцы‚ дзяўчаты‚
А за стырно стаў наш мужык.
 
Але чырвонай бліскавіцай
З Масквы ўзьнялася навальніца
І засланіла небасхіл.
Забіў народ наш на трывогу
І засланіў грудзьмі дарогу;
На сонцы бліснулі штыхі‚
 
Гулі гарматы‚ кулі пелі‚
Ад дыму людзі пашарэлі‚
Страчыў няўтомны кулямёт;
Крывёю кожны крок быў зьліты‚
Чарнела поле ад забітых -
Так бараніўся наш народ.
 
Але ня нам спрыяла доля‚
Не дзеля нас бліснула Воля.
Ахвярныя ў зямлю ляглі...
Дык вось‚ сынок... Былі гэроі‚
Стаялі да канца са зброяй...
Спачылі у сырой зямлі...
 
Кліўленд - ЗША, лістапад 1962 г.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.