РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Сыс
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Галодны год
Бацька мой у год галодны
Каласкі зьбіраў на полі.
Так цяпер зьбіраю словы
Мовы любай, мовы роднай.
 
Беспадстаўныя папрокі:
Быццам мы не галадалі,
Быццам нам жывецца лёгка –
Поле нават не аралі...
 
Так скажу: ару я мову.
I бывае, ў непагоду
Стынуць вусны, мёрзнуць словы,
Я з хатолкай – год галодны.
 
I ад хутара да вёскі
Мову родную жабрую,
За вясьнянкі праўлю косы,
За былінкі ладжу збрую.
 
I ад хутара да вёскі,
І ад Пінска аж пад Шклоў
Кос палескіх пагалоскі
Зь непаўторным звонкім «о».
 
Ажываю, калі вырай
Пад нябёсамі курлыча,
Гэта ён радзіму кліча:
Кры-чаў, Кры-чаў, Кры-чаў, Кры-чаў...
 
Ажываю, калі сосны
Каля Рэчыцы сьпяваюць
Быццам маёй маці кросны
Чаўнаком прашылі памяць.
 
Ажываю... Ажывае
На Палесьсі тура ўздых,
Там цячэ вада жывая –
Мова прашчураў маіх.
 
Піць яе – не наталіцца
Пад пуцінай млечнай:
Лета – золак – шчамяліца...
Маці – мова – вечнасьць...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.