РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Сыс
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Колькі
Колькі нашай крыві
Рэкі сплывілі ў моры?..
Колькі нашага поту
Увабралі разоры?..
 
Колькі нашага шчасьця
Ліхадзеі раскралі?..
Колькі нашых каханак
Паланянкамі сталі?..
 
Колькі нашай любові
Не спазнала Радзіма?..
Колькі вояў-сыноў
Не счакала радзіна?..
 
Колькі, колькі, дык колькі ж
Сваё крэўнае траціць?
За дзяцей, каб адплакаць –
Не стае сьлёз у маці.
 
Колькі, колькі, дык колькі ж
Адмаўляць сабе ў праве
Шанаваць сваё мейсца
На чырвонае лаве?
 
Колькі, колькі, дык колькі ж
Азірацца на сонца?
Як асьлепнем дашчэнту –
Гэтак жыць нам бясконца.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.