РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Скрыпачы
Зноў піла пад пахаю ў чахле,
Бы ў футляры скрыпка.
Пэўна, самі
Не згадаюць, хто іх на сяле
Ахрысьціў вясёла скрыпачамі.
 
Так і засталіся скрыпачы
У вясны ды ў лета прымакамі
I ня маюць часу адпачыць:
Ходзяць, граюць вострымі смыкамі.
 
А смыкі ўвап’юцца ў круглякі –
Ніякой ня трэба каніфолі, –
Добра ўсмоляць крохкія сукі,
У сярдзітай елкі іх даволі.
 
Закурыцца – жах зірнуць ажно –
Белай завірухай пілавіньне.
Скрыпачы любое бервяно
Абкантуюць, перапалавіняць.
 
I шчырэе з раньня да цямна
Дружная скрыпачая капэла.
Пахне баравінаю сасна,
П’яная асіна – лісьцем прэлым.
 
Выразай цымбалы з той сасны –
Бор застогне, ледзь кручкамі ўдарыш.
З дубу зробіш кадзі – як званы,
Загудуць працяжна на базары.
 
А зь бярозы выгнеш палазы –
Запяюць на стылым сьнезе сані.
Не дагоняць санак маразы,
Вецер, захлынуўшыся, адстане.
 
Будзе новы дом стаяць вякі
I зьвінець над зацішшу аселіц
Зь лёгкае скрыпачае рукі
Пад смыкамі ветру і мяцеліц.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.