РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сьвінуха

Гэрбарыяў ніколі не зьбіраў.
Да тэрмінаў лацінскіх глуха вуха.
Запомніў добра са шматлікіх траў
Адну, з пацешнай назваю –
                                                            сьвінуха.

 
У горле перасядзе ветру ком, –
Заперхае ураньні восень суха.
Ляжыць узьмежак кормным вепруком,
На хібе шчэцьцю шэжыцца сьвінуха.
 
Пакуль мяцеліц белыя вужы
Не папаўзьлі па хібе, – ў сьветлы вечар
Скубі густую, пэндзьлікі вяжы,
Мачы ў пабелку ды нявесьці печы.
 
А пастушкі назябнуцца за дзень,
Сьвінуху паляць, чмыхаюць насамі.
Як старац невідушчы,
                                              дым брыдзе,
За корч спаткнецца, заклубіцца ў яме.
 
Мароз ня браў ляйчыны ў дзьве рукі,
Хлеў рохкае паважнасьцю сьвіною,
Ды закурэлі ўзьмежкавы бакі,
I смылень пахне першай сьвежыною.
 
Дамоў вячэраць прыйдуць пастушкі,
Пакрэплыя далоні бульбай паляць.
Сьвінухаю ня толькі армячкі
Прапахлі – хлеб, і соль,
                                                  і стол, і пальцы.
 
Пакуль з сакоўнай муравой вясна
Прытупае сьцяжынай баравою,
Сьвінуха пазьніцелая адна
Празь сьнег праб’ецца першаю травою.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.