РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Поўнач 30 чэрвеня

Валянціне М.

 
Млосна кракае качка,
Млосна пахне мядовік.
У зьдзіўленьні варушацца       
Бровы чаротавы.
Чуеш – поўнач здалёк
Крочыць ціхай хадою,
Чуеш – спаць паляцелі
Вятрыскі чародамі.
 
Да сьвітаньня ня змоўкнуць
Ручаёвыя ўсхліпы.
Драч адлічыць дванаццаць
Па часу балотнаму, –
З Магілёўшчыны,
Зь вёскі зацішлівай Ліпень
Выйдзе Ліпень і рыпне
Ліповымі ботамі.
 
Чэша хваляй прыціхлай
Сьвіцязь косы русалкам.
Тут, чакаючы Ліпеня,
Чэрвень патупвае.
Задыміць туманом,
Чыркне зорнай запалкай
I вядзе па ўладаньнях
Маладога наступніка.
 
– Ліпы я аддаю,
Каб зьвінелі раямі
Ды каб летам пагодлівым
Соты напоўнілі;
Нарач – зорамі хай
Будзе поўна з краямі;
Ярыну – каб лягла
Каравайнымі поўнямі.
 
Здасьць наступніку ключ
Ад настылых падвалаў,
Дзе хаваюцца змрокі
I росы вячэрнія.
I ў гасподу сваю
Ён падасца памалу:
Да наступнага года
Паселіцца ў Чэрвені.
 
Чуеш...
                Ліпень ступае,
Зямлёю сагрэты.
Дзень твайго нараджэньня
Ён прынёс,
                        веснавокая.
Нам далёка з табой
Да сярэдзіны лета,
Да начэй вераб’іных
Яшчэ гэтак далёка нам...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.