РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Казка пра сноп
Восеньню чырваньню ліст памячае.
Ўдзень ў гародзе пахне акроп...
Па шляхах пачарнелых дыбае,
З воза ўцёкшы, вясёлы сноп.
Сам такі таўшчэзны, пузаты,
Паяском перавіты ўвесь
Ў залацістым прыгожым халаце,
З буйным чубам на галаве.
Ён уцёк ад сваёй нявесты,
Што сасватаў Гуменьнік яму.
Сьвет чырвоны вакол, пярэсты –
Проста на ногі стаў – і прамуй.
 
А нявеста яго шукае...
Вось ужо і зіма надышла,
Бач – сугорбак, рукой разрывае
І пад ім жаніха знайшла.
Пацямнеў ён, стаў шэрым як трэба,
Нежывым лёг пад белы плат,
Чуб асыпаўся ў мёрзлую глебу,
Пацямнеў залаты халат.
Плача-плача над ім дзяўчына...
Але вось пачарнелі гарбы,
Сьнег зароў у глыбокіх лагчынах,
Небасхіл пасьміхнуўсь праз дубы.
І жаніх пацягнуўся сонны
І ажыў пад ветрам тугім,
Падаслаў пад сябе зялёны,
Малады, пушысты кілім.
 
Калі ж восень другая настала
З сумным шорахам пушч і гаёў –
У гумно нявеста ўязджала
З цэлым возам вясёлых снапоў.
 
1952–1954
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.