РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Энтузіясту
Ўсё жыцьцё ён зьбіраў дыяменты народныя
Па шляхах Беларусі і ў сьпёку і ў сьцюжу,
Ўсё жыцьцё яго сэрца высакароднае
Працавала няўтомна і білась напружана.
Ў гуках злоўленай песьні жыло незвычайнае:
Шчасьце новых гадоў над Радзімаю мілай,
Сьпеў жалейкі над рэчкаю, гукі адчаю, –
Ўсё, чым людскае сэрца вякамі жывілася.
 
Песьні сытых дажынак у жнівеньскім садзе,
Кліч купальскіх агнёў здалёку і зблізку,
Песьні жніўных палёў, песьні гора і радасьці,
Песьні маці над першай дзіцячай калыскаю.
І не штучнаю кветкай, а кветкай сапраўднаю,
Не ў паперы, а ў гуках, дарагіх і любімых,
Ўстала песьня народу простай, як праўда,
І такою вялікай, як гэта магчыма.
 
Ціха ў зале. І твар яго думкай асьвечаны.
Кажа ён пра фальклёру адценьні і фарбы,
Кажа нам пра жыцьцё, што адному прысьвечана –
Зьбераганьню народных, нязьлічаных скарбаў.
«Піце з чыстай крыніцы, з напеваў матчыных,
Сьцеражыцеся, хлопцы, частушкі таннай,
Паважайце, любіце бацькоўскую спадчыну –
Ўсё сплыве, а легенда і песьня застанецца».
 
Хай не ўсё у жыцьці так як сьлед атрымалася,
Памятайце, настаўнік, што слова плённае
Як зярнятка на добрую глебу ўпала,
І у сэрцах юнацкіх зарунела, зялёнае.
Шмат яшчэ спадкаёмцаў вам трэба выкаваць.
Будзе шлях пераможным, слаўным, бяскрайнім.
На вялікія справы – і сэрца вялікае,
На вялікае сэрца – і лёс надзвычайны.
 
1955
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.