РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Шыпшына і ружа
З народнага
Шыпшына і хатняя ружа
Калісьці разам жылі
І разам кахаліся шчыра
На мяккай садовай зямлі.
 
Абняўшыся, на гародзе
Стаялі да раньняй зары,
І дзеткамі іх лічылі
Вішня і дуб стары.
 
Так яно ўсё і цягнулася,
Добра кветкам было,
Пакуль не паслаў за падаткам
Кароль гайдукоў на сяло.
 
Карову – за вокны ў хаце,
Сто злотых – ад бараны.
І нават падружжу нашаму
З пагардай сказалі яны:
 
«Пакуль яшчэ маладыя –
Давайце кветкі й лісьцё,
А потым, як дзеці будуць,
Дзяцей сваіх аддасьцё.
 
Ня жыць ім у подлай вёсцы,
Ня чуць ім мужыцкіх слоў,
Расьці ім ля гордых палацаў,
Уцехаю быць для паноў».
 
Горда ў адказ шыпшына
Сваёй скалануў галавой:
«Мілей нам родная хата
Зь яе саламянай страхой.
 
За камень гарачы хапайцеся,
А не за нашых дзяцей.
Як будуць – не дам на зьнявагу
Кату, што мучыць людзей».
 
Цягнуць рукі да ружы –
Шыпшына даў аднаму,
Ўзяліся яны за шыпшыну,
Рукі круцяць яму.
 
Сьцябаў гайдукоў у вочы,
Па твары бязьлітасна біў,
Падрапаў гайдуцкія рукі,
А ружу сабой затуліў.
 
Пабеглі за дапамогай,
Бягуць з рыдлёўкай, з касой,
І кажа шапшына горды
Дзяўчыне каханай сваёй:
 
– «Бегма, ратуемся, ружа,
Каханка, радасьць мая».
– «Шкада мне матулі-вішні.
Бяжы, застануся я».
 
За ім да пушчы гналіся,
Гналіся з сабакамі ўсьлед
І толькі ля рэчкі глыбокай
Згубілі шыпшынаў сьлед.
 
І нельга зьявіцца з пушчы
Да ружы каханай яму,
Бо могуць схапіць гайдукі
І кінуць навекі ў турму.
 
Так і жыве ён у лесе
У шапцы чырвонай як кроў,
Кінжаламі і нажамі
Узброены да зубоў.
 
Стаіць ён як горды мсьцівец,
На вёску з узьлесься глядзіць.
Хай цяжка – затое вольны,
А вольнаму добра жыць.
 
А там, каля старай хаты,
Зь сівінкаю на лістах
Сумуе хатняя ружа
У чыстых росах-сьлязах.
 
1955
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.