РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Патоп
Старажытны беларускі апокрыф
І дзень прыйшоў. І пацьмянела сонца.
Распаўся час. І неба цёмным скруткам
Ўзьвілося над зямлёй. І лінуў дождж,
Як быццам сто гадоў зьбірала неба
Ваду дажджоў, азёр і рэчак ціхіх,
Ваду, што выссалі вясёлкі з лужын,
Ваду пралітых чалавечых сьлёз,
Сьлёз горкіх маці, сьветлых сьлёз дзіцячых,
Крывавых сьлёз рабоў і брудных панскіх сьлёз...
О плачце, плачце, узрыдайце, людзі,
Не спамышляйце на сваё бязьсьмерце:
Апошні жывяцё вы ў сьвеце час!
І дождж лупіў. І зранку цэлы дзень
Трубілі сурмы праз смугу туманаў,
І здраднікі хаваліся ў каўчэгах,
Якія заліваў сіберны дождж.
Вада пакрыла роўныя мясьціны
І коміны халуп і ўсе палацы.
Раўлі шалёныя сівыя хвалі,
Разьдзёршы ветразі тугія ў лоск.
І людзі ўгору узьнімалі рукі
Ў чаўнах, што ймчалі па гарбатых хвалях,
Ганімыя вятрамі і агнём.
Краіна гінула. Як гул ад хваль
Роў дзікі голас над вадой пустою:
«Апошнія пачуйце словы, людзі,
Пакуль вам вушы не залье вадою.
Я зьнішчу сьвет, я зьнішчу чалавека.
Апрыкрылі і добрыя, бо хочуць
Дабрэйшымі зрабіцца за мяне.
Ім не сьпяваць сваіх найлепшых сьпеваў,
Бо я зжару ўсю земляную твар.
Маўчы! Ты захлынешся, чалавек!»
Адверзьліся на чорным небе хлябі.
Два месяцы лілі дажджы зь нябёсаў,
Вада глытала горы, і на іх
Жывымі гронамі віселі людзі
І часам адрываліся ў ваду.
Мядзьведзь стаяў з слабым аленем поруч,
Зьмяя паўзла вышэй ад рудых хваль.
Адзін таўстун штурхаў у вір другога,
На плечы сыну лез шалёна скнара,
Трымаючы ў руках кашэль з грашыма,
І біў нагамі па руках сыноўіх,
Якія ўсё жадалі ратавацца,
Схапіць таго, хто некалі стварыў
(Што ж, і зьмяя паруецца вясною).
Танулі тыя, што на сьпінах люда
Рукамі простых горда узьнясьліся,
Зракліся маці, зводнямі жылі,
Лягчалі думку за адзін дынарый,
За жыватом не бачылі каленяў.
Цары, уладары і каралі,
Што так крычалі пра краіны гонар,
Што здольныя былі душыць суседа,
Забараняць яму жыцьцё і песьню
Для гонару «народа-ўладара»,
Цяпер бы гэты гонар аддалі
За мейсца для сваёй стапы адзінай
І ў зад бы гандляра пацалавалі
За літасьць гэткую. Дзяржаўны муж,
Што да сябе прыкуў калісьці брата
І ўсё казаў: «Мой брат – мой раб» – той зараз
(Як і заўсёды ў грозныя часы,
Часы вайны, навалы ці патопу),
Ланцуг адсек і наглядаў, як брат
Пускае бурбалкі ў вадзе глыбокай.
І ўсе кусаліся, штурхалі, лезьлі,
Хапалі за раскошныя хітоны,
І падалі ў ваду, ў ваду, ў ваду
І не маглі ўцячы. Пахмурны дзень
Нарэшце завязаўся над вадою.
Вакол вада – ні вострава, ні дрэва, –
Ўсё жудасная гладзь і далячынь.
На пятачку апошнім цьвёрдай сушы
Суровы чалавек зь дзіцячым тварам,
З рукамі грубымі, ўзьняў галаву
І стомлена сказаў: «Дзень добры, сонца».
Фантанчыкамі плёскала вада
Спачатку каля ног, пасьля ў калені...
І чалавек падняў на рукі нешта, –
Апошняе сьвятое, – цела любай,
Пацалаваўшы непрытомны твар.
Над галавою ўзьнёс. Вышэй! Вышэй!
(А хвалі подла стукаюць у грудзі.)
«Каханая! Аддам жыцьцё за крылы,
Якія б узьнясьлі цябе наверх».
Халодны, стрыманы адбітак сонца
Упаў на грудзі, любы твар і лона.
А ён стаіць. Не здрыгануцца рукі,
Узьняўшы ў неба дарагі цяжар.
Ён з радасьцю трымаў бы зараз многіх,
Братоў, і маці, і такіх, як ён,
Прыгнечаных работай і вясёлых.
Але няхай хаця яна: «Пяшчотка!
Жыві, жыві, жыві пакуль магчыма,
Падыхай трошкі, пакуль я ня зьнікну,
Пакуль жыве апошні чалавек.
Што вы мне зробіце сваім патопам?
Узяць каханую? Яна са мною.
Узяць Радзіму? Не, яна жыве
Пакуль жыве апошні сын Радзімы.
Узяць жыцьцё? Як бог я безьсьмяротны,
Я сонца над вадою уздымаю,
І мной жыве і будзе жыць зямля.
О як пацалаваць каханай вусны,
Калі мае зьнікаюць пад вадой!»
 
..................................
 
Стары апокрыф. Гэта толькі казка.
І ўсё-такі я выракуся тых,
Што плакалі ў каўчэгах. Я з табою,
Слабы, бездапаможны, як дзіцёнак,
Магутны, як ніхто на белым сьвеце,
Любімы мой, прыгожы зьвер двухногі,
Мой чалавек.
 
13.XII.1956.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.