РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сплятайце рукі!
Браты! Сплятайце рукі!
Нас нарадзілі ў сьвет
Не для выбухаў, не для мукі,
Не для сьлёз дзяўчат і кабет,
Не на тое, каб мёртвым упасьці,
Не на тое, каб згнісьці ў зямлі,
А на тое, каб песьню і шчасьце
Мы нагбом на зямлі пілі.
Каб кахалі, каб вершы пісалі,
Каб ірвалі верас і дрок,
Каб цудоўныя вежы складалі,
Што да сонца імкнуцца праз змрок.
Вежы сьветлыя! Вежы любові!
Кожны камень няхай пакладзе.
Не павінны зьмяшацца мовы,
Як калісьці, у добрых людзей!
Хто сказаў, што патрэбныя сьлёзы?
Хто сказаў, што розны наш лёс,
І таму, што насы ў нас розныя,
Ты павінен разьбіць мне нос?
Хай ён нюхае лепей кветкі
Ці каханай сваёй валасы.
Месца хопіць для ўсіх на палетках,
І на ўсіх хопіць весьняй красы.
Гімн яднаньня. Магутныя гукі
Ап'яняюць нас, як віно.
Браты! Сплятайце рукі!
Шчасьце для ўсіх адно.
 
30.VI.1957.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.