РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда пра Вячка, князя людзей простых
Як груганы на трупы з высокае гары
Крыжакі наляцелі на вёскі і бары.
Няшчасная краіна тры доўгія гады
Нагбом хляптала трунак сьмярцей і злой бяды.
 
Цягнулі па кавалках яе ва ўсе бакі,
Загінулі гэроі і здрадзілі князькі.
Агонь любові мужнай у брудных душах згас,
Адзін не здрадзіў Вячка, сумленны хлопскі князь.
 
Параненым і слабым яны яго ўзялі,
Ў кайданы ногі скулі і ў лягер прывялі.
Ад раны, непрытомны, ачнуўся ён тады,
Калі былі далёка айчыны гарады.
 
Меў сілы, каб змагацца і з сотняй варагоў,
Але шляхі да волі замкнулі для яго.
І вырас над палонным закуты ў грозны мур
Гохмайстра цытадэла крыжацкі Мар’ёнбург.

Паўзе з ракі на замак пранізьлівы туман,
Крукі круцяцца хмарай над вежай Герэнданск,
За брамай маставою, як перадвесьце бед,
Ўстае Папоўскай вежы злавесны сілуэт...
 
Па вуліцы сьмярдзючай, дзе скупчанасьць і бруд,
Вядуць яго на плошчу. А там чакае суд.
А ў галаве чамусьці ўстае чырвоны сьнег,
Пажары чорных замкаў ў апошні іх набег...
 
Ў агні наперад зь імі ляцелі бітвы дні,
Парчу і аксаміты тапталі ў бруд яны.
За подзьвігі у бітвах супроць крыжацкіх зграй,
За мужнасьць і за гонар трымай адказ, трымай!
 
Тут, як на браме пекла, магла б пісаць рука:
«Пакіньце спадзяваньні – адсюль выводзіць кат».
Але сканаць пакорным і мяккім, быццам пух,
Як бык дурны на бойні, папаўшы пад абух?
 
І просіць перад стратай ён путы разьвязаць,
Каб рукі на імгненьне замлелыя разьмяць.
І ў гэты час апошні перад канцом сваім
Каня яму прывесьці, каб разьвітацца зь ім:
 
«Са мною разам зносіў ён дождж і халады,
Насіў мяне на бітву тры доўгія гады,
Таптаў нагамі лона сталочанай зямлі».
 
............................................
 
І вось каня на плошчу два кнехты прывялі.
І Вячка грыву гладзіць, цалуе ў мяккі нос
І кажа, кажа сябру пра свой жахлівы лёс:
 
«Мой конь, мой конь, мой любы. Як будзеш жыць цяпер?
Канец лясной свабодзе, мой добры, моцны зьвер.
Ты грэбаваў зямлёю, што слалася ў нагах,
Няўжо насіць ты будзеш чужога, варага?
 
Якому не пасуе і назва: «чалавек»,
Ў якога твар, як пятка, не чырванее век.
Не роднае, чужое усё нам тут з табой:
Не так, як на Радзіме, кабылы йржуць вясной,
 
Не так гамоняць дрэвы, не так зьвіняць лугі,
Не так куюць падковы для конскае нагі.
Дапамажы мне, косю, мой бездыханны труп
Не проста дол чакае – ганьба, ганебны слуп».
 
І, выпрастаўшы рукі, меч ката вырваў ён
І сьсёк дубовы чэрап з крутых яго рамён,
І на каня узьвіўся, і ў стрэмя горда стаў
І зноў для бітвы волю ў апошні час дастаў.
 
Меч бліснуў у паветры над лютаю гурбой.
Адзін супроць дзесяткаў – і ўсё ж не прэнг, а бой!
Конь варагоў хапае зубамі і храпіць.
Паўсюль пануе пекла і трупы, як снапы.
 
О, лепей дні пакончыць на полі баявым,
Ніж век глытаць ў кайданах чужынскіх вогнішч дым!
Вось уцякаюць суддзі, вось кроў плыве ракой:
«Я ў Мар’енбург зьявіўся і ён на час, ды мой.
 
Пакуль тугія лукі на вежах не зьвіняць,
Пакуль даўгія стрэлы адтуль не паляцяць».
Але слабеюць сілы, але дрыжыць далонь.
І вось аб труп запнуўся яго любімы конь.

«О конь, не давядзецца табе ў лугах іржаць
І ў полі нам з табою ўжо болей не гуляць.
Я ў стрэлах, быццам вожык. Бывай, мой конь, бывай!
Мы болей не пабачым лугі і родны край».
 
Аленя абступілі са зграяй злых сабак.
Ірвуць і разьдзіраюць, сякуць на дробны мак.
І вось з крывёю гордай зьмяшаўся пыл і гразь.
 
............................................
 
Так у баі няроўным загінуў Вячка-князь.
Авой!!!
 
Лістапад-сьнежань 1957.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.