РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Камеце 1957 – ??? гадоў
Над ляснымі азёрамі, над ракой,
Над глыбокаю тваньню гнілых німярэч,
Над прыціхлаю ў смутным чаканьні зямлёй
Павісае трывожны, зялёны меч.
 
Ты зьявілася зноў на зямны прызыў
Як у той далёкі, нязнаны век,
Калі мамант на гонар твой песьню трубіў,
Калі толькі зьявіўся на зямлі чалавек.
 
Калі ж прыйдзеш ты зноў праз тысячы год
(Невядома пакуль што для нас, калі),
Ты, магчыма, пабачыш новы народ
На зусім невядомай для нас зямлі.
 
Не тлумач ім такіх непатрэбных слоў
Як «дзяржава», «страта», «галодны час»,
Паглядзі з павагай на іх любоў,
Раскажы ім ціхутка, на вуха, пра нас.
 
Раскажы ім, як чорнай навалай ішлі,
Як братамі сваімі ўгнойвалі стэп,
Галадалі, пакутвалі, кроў лілі
І зьнішчалі патрэбны галодным хлеб,
 
Як палілі жывых людзей у пячах,
А казалі пры гэтым: «гуманізм і любоў»,
Як звычайнаю ручкай, вось так, спляча,
Выганялі з заводаў мільёны рабоў.
 
Як кахалі за грошы, атруту пілі,
Як начамі сьнілі хцівыя сны,
Як ня ўпэўнены нават ў тым былі,
Што зямля выйдзе цэлай з трэцяй вайны,
 
Як машынамі горы маглі скрышыць,
А крышылі суседзяў, елі бульбу адну,
Як маглі з навукай стагоддзе пражыць,
А жылі дваццаць год, бо ішлі на вайну.
 
Як зьнішчалі прарокаў, як без хлеба зімой
Гэніяльным паэтам дазвалялі канаць,
Як выходзілі з сытым сьвінствам на бой,
Як яго пачыналі перамагаць.
 
Ты сьвітанак наш бачыла на зямлі,
Ты нас бачыла ў самым гарніле мук...
Ім, шчасьлівым, ім, чыстым, прывітаньне пашлі.
Не былі б яны чыстымі, каб ня бруд нашых рук.
 
Мы, як птушкі, елі, мы цяглі, як сланы,
Мы сапраўдным жыцьцём за жыцьцё не жылі,
Каб спакойна кветкі зьбіралі яны,
Каб гулі для іх залатыя чмялі.
 
Калі прыйдзеш ты на нябёсы іх,
І між зор пракладзеш свой спакойны сьлед,
Перадай дзяўчыне ў гадах маіх,
Што кахаў яе той забыты паэт.
 
І няхай яна, хоць не знае мяне,
Хоць зусім інакшыя песьні пяе,
Праз трывожнае сяйва тваё зазірне
У азёры блакітныя, вочы мае.
 
17.III.1958.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.