РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Цвыркун і праблема чыстага мастацтва
З гарадоў эгіпэцкіх пажоўклых
Мо таму ўжо некалькі вякоў
Гандляры ў пахучых скрутках шоўку
Ў Беларусь завезьлі цвыркуноў.
 
Безьбілетны пасажыр з пустыні,
Ён асеў за печкаю у нас:
Цёпла, суха, бы ў сваёй краіне.
Грубка цепліцца ў вячэрні час.
 
Старажытнейшы паэт на сьвеце,
Чыстае мастацтва лозунг твой.
Не для лаўраў, не для славы гэтай
Песьняй парушаеш ты спакой.
 
Я не супраць: нам патрэбны мары,
Але зараз нельга быць сабой.
Ведаеш, што робіцца, таварыш,
На Радзіме сонечнай тваёй?
 
Твой Сінай ад стрэлаў шчэ гарачы:
Прыкладзі – і абпячэш далонь,
Муміі крывёю горкай плачуць,
Гледзячы на раны і агонь.
 
Я ня веру, што было б магчыма
Сьпевакам, сынам сваёй зямлі,
Засьпяваць сьвяты матыў Радзімы
Для вушэй, што поўсьцю зарасьлі.
 
Трэба бараніць усё, што любіш,
Каб па праву засьпяваць пасьля.
Не сьпявай пра цёплы кут за грубай,
Пакуль горам поўніцца зямля.
 
1957
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.