РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Песьня пра асколак
«Хлопча мой, мы ніколі ня будзем з табой
Блукаць па сьвежай траве:
Адгрымеў і забыўся далёкі бой,
А асколак пад сэрцам жыве.
Каля сэрца, ў цёплай сумцы яго –
Ён лічыць кожны удар.
Мне шкода, мне шкода шчасьця твайго,
Абарваных жалезам мар».
Так сказала яна.
І голас мой
Абарваўся ад чорнай тугі...
Ты сьвецік мой, ты званочак мой.
Ты клёнік мой дарагі.
О, вайна, акопны смурод баёў,
О, адроддзе пекла і зла,
Нават мёртвай – ты зьнішчыла шчасьце маё,
Нават здохлай – гора дала!
Чорны цень твой на кволых дзяўчынак упаў,
Ўсё забіў, запаскудзіў вакол.
Прыбіць бы, сволач, цябе да слупа
І ў глотку асінавы кол!
Не трэба, каб золкі спусьціўся туман.
Паўстань, пераможны дзень.
Для каханьня майго заслоны няма.
Я хачу.
І адступіць цень.
І цябе з тваёю мужнай тугой
Сагрэе мая рука,
І асколак ты выплачаш з сэрца свайго,
Як выплакаў казачны Кай.
Не трэба, не трэба сумных вачэй,
Не трэба пакут і няўдач.
Не трэба, не трэба сагнутых плячэй.
Любая, сьветлая, плач.
Як царэўна плача, як сонца праз дождж,
Як расы ружавеючай дым, –
І адступіць боль, і апусьціцца нож,
Узьняты над сэрцам маім.
Я вып'ю сьлёз тваіх цёплую соль,
Я згару на тваім агні.
Ты чуеш? Сталь тае, сплывае, як боль,
Ад каханьня, ад цеплыні.
Любая, сэрца маё не трывож.
Што гэта?
Ў сьне ці не ў сьне?..
Сьлёзы, сьлёзы, сярэбраны дождж,
Ад якога кветкам квітнець.
У радасьці яснай за нас з табой
На нябёсах нап'юцца багі.
Ты месячык мой, гномік мой,
Ты – жаўранак мой дарагі.
 
31.Х.1959.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.