РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мова
Ёсьць паданьне вякоў, што разбурыць калісь
Вавілонскую Вежу Адам
І няўмольна сальюцца мовы зямлі
У адну, няродную нам.
 
І мая безвыходна пойдзе у змрок,
У атрутны, як вечнасьць, цень,
Трапяткая і сіняя, як васілёк,
Гарачая, як прамень.
 
Я ні шчасьця, ні будучых дзён не жадзён,
Хай пятля, хай памерці ў журбе,
Хай не будзе ні шчасьця, ні будучых дзён,
Калі ў іх не будзе цябе.
 
Сірата па зьедлівай волі багоў,
Гінучы мой карабель,
Хай ня будзе сьвітаньня ў народа майго,
Калі досьвіткам здрадзіць цябе.
 
Ад палеткаў райскіх лёгкай ступой,
Збочу я да пякельных катлоў,
Калі першы жа ангел на мове маёй
Мне ня скажа: «Братка, здароў».
 
І няхай да мяне не прыйдзе вясна,
Песьня, шчасьце, каханьне, спакой, –
Ўсё адно не зьмяняю твой чорны праснак
На атруту пшаніцы чужой.
 
Ты мой ясны хлеб і каханы май,
Песьня продкаў, нашчадкаў палі,
Безь цябе, не з табой – не патрэбен мне рай
На душы. Ў небясі. На зямлі.
 
Канец 1950-х гадоў.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.