 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Апоры мастоў, як скалы. Нявы буркатлівы сон. Над Стрэлкай, на захадзе алым Цені рагатых калон. Бялёса. Блакітна. Шырока. Халодная ноч, як дым, І шчасьця танюткага крокі Мяшаюцца з крокам маім. Ў сініх лугах, на сьвітаньні Ў зьзяньні вясёлкавых траў Я вырасьціў гэта каханьне І ў рукі твае аддаў. А заўтра яно зьнікае Ў паўдзённай чужой старане. Горад, за што ты караеш? За што забіваеш мяне? Заўтра мне расьпінацца, Тужыць па яму, як калісь, Бо вежам тваім і палацам Справы няма да зямлі. Прыйду наступнаю ноччу, Пабачу ракі сьвінец І сфінкс халодныя вочы Узьніме з вады на мяне. І скажа: «Цёпла на Ніле, А тут халодная золь. Паўсюль аднолькавым пылам Стаюць каханьне і боль. І людзям вяртацца не трэба Да любых сэрцу магіл». « – Сфінкс, мы жывём пад небам, Небам песьні і небам тугі. Тысячы тысяч сьвітаньняў Я сонца чакаю з тугой. Ўся мудрасьць твайго маўчаньня Не варта пакуты маёй». ............................... І сфінкс халодны, цьвярозы Схіліць сваю галаву, Пакоціць каменныя сьлёзы, Цяжкія сьлёзы ў Няву.
2.VІІ.1960. Ленінград – Ворша.
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|