РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Лятаючы дурань
Ў парку, пад ліхтарамі
Клічуць агні да вітрын:
«Палёт дагары нагамі!
Тры рублі за дзесяць хвілін».
 
Прывязаныя як трэба,
Пад крыкі дзяўчат і друзей
Людзі ў чорнае неба
Лятуць па стромай дузе.
 
Штодзённа ў змроку пахмурным,
Звысок аглядаючы сьвет,
Ў касу прыходзіць дурань,
Важна купляе білет.
 
І выкладае паважна
Схоўшчыку ў мяккі кулак
Грошы ў тугім бумажніку,
Пропуск і партабак.
 
І выкладае ў прыдачу
Дзесяць ключоў да ўсяго:
Ключ ад машыны, ад дачы,
Ключ ад сэрца свайго.
 
З годна падціснутым ротам
Ў неба ўзьлятае цень.
Дзесяць мінут палёту:
Хопіць на цэлы дзень.
 
Ў зорным касьмічным пыле
Боўтае пяткамі ён,
І за сьпіной, як крылы,
Драпавы палітон.
 
Па-над зіхоткім і хмурым
Горадам дзіўнай красы
Горды лятаючы дурань
Проста ў хмарах вісіць.
 
3.VІІ.1960. Ворша.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.