РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Маціцовыя сьлёзы
Ураджай пагарэў. З працадня – ані шэлега.
Вымі бедных кароў, як пустыя збаны...
На пясчанай касе ля Збароўскага берага,
Быццам рыбы галодныя, дрэмлюць чаўны.
 
За бязглуздасьць чыюсьці, грабежную, хвацкую, –
Як было не адзін ужо раз, і не два, –
І сягоньня бакамі адказвае Бацька,
Рыбы, дрэвы, нябёсы яго і трава.
 
Цені, белыя цені на водмелях сініх,
На плячы даўгазубыя граблі ляжаць.
Стогнуць сьпіны і ціха паўзе над пучынай,
Быццам дзіда, цяжкі, трохсажнёвы дзяржак.
 
Граблі шаблямі дно залатое скародзяць
І прыносяць «палюддзе» галодным чаўнам:
Ясных кропель алмазы, багновак бароды,
І бяззубак – па грыўні за кіляграм.
 
У катлах ненажэрных іх вывараць ноччу.
Чарапашак ад мяса аддзеліць «кульба».
Будуць запінкі для вячэрніх сарочак,
А начыньне – сьвіньням. Па-братэрску дзяльба.
 
Дзеля гэтага з раньняй да позьняй часіны,
З салаўінай пары да савінай пары,
Як трысьцінкі трымцяць дзявочыя сьпіны,
І аленевы вочы глядзяць у віры.
 
І пакуль грабуць яны сонца з парогаў,
А з крыніц і глыбіняў вясёлак глыжы, –
Зыб ад глісераў белых абліжа ім ногі,
Грудзі-шкелцы бінокляў абсьліняць чужых.
 
І за сіняй далёкаю павароткай,
Там, дзе зьнікне багатых глісераў зыб,
Людзі з граблямі выбух учуюць кароткі,
І бязгучныя стогны аглушаных рыб.
 
Быццам жэмчуг, на нашых адхонах суровых
Наліваюцца барвай насустрач дню,
Як вулканы, зырчаць маціцовыя горы,
А між імі, як лава, шалёнства агню.
 
І з адчаем слухаюць ракавін вушы,
Як віруюць у пекле катлоў агнявых
Душы брацьцяў, нямыя бяззубкавы душы,
Пад мяшалкамі д'яблаў... таксама нямых.
 
І ўвесь час пакуль мяса ад лат аддзіраюць
І дымее у ночвах яно, як гара,
Качкі шэрагам шэрым стаяць і чакаюць,
Як пры Сталіне поліўкі ў лягерах.
 
Высыхаюць крыніцы, і іхнія сьлёзы
Дзень ці два зьзяюць маціцай ў сонца агні
Перад вечнай разлукай з радзімай бярозавай,
Дзе цяпер ні бяроз, ні дубоў, ні крыніц.
 
О зямля мая ў сонцы, зітханьнях і зыбу!
Дзе дубоў твае цёплыя халады?
Абясптушылі, бомбамі ўсю абязрыбілі,
А цяпер абяззубяць... А што ж тады?!
 
Разьнясі ім каўчэгі з хлусьнёй і атрутай,
І даруй, тым, танюткім, як струны лазы,
Тым, з граблямі, у плацьцях сваіх падаткнутых,
Што для хлеба ўзялі ў цябе човен сьлязін.
 
Бо штоночы, як толькі прытомнасьць пакіне,
Мне адзін, мне адзін толькі трызьніцца сон:
Даўгазубыя граблі, напятыя сьпіны,
І пад хусткамі белымі – твары з ікон.
 
22.IV.1965. Шагол.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.