РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
За перавал, сябрам
Ўсе беды – за перавалам:
Маразы, буранаў дымы,
Жанчыны, што нас кахалі,
І якіх не кахалі мы.
 
Нагадвае пра былое
Толькі шэрань на схілах Яйлы...
Жвір шыпіць пад начным прыбоем,
Б'юць аб бераг валы.
 
І сон з табою, з каханай,
Быццам сон матыля ў мігдалі...
Хлопцы, я знаю, вы зранены!
Хлопцы, мы вас не падвялі!
 
Не ўцяклі ў лазу, ў дэзерціры,
Не сплылі ў ружовыя сны –
Мы тут замкі узводзім для міра,
Літасьці і вясны.
 
Дзеля вас, у сьнягах забытых,
Дзеля вас, каб скончыўся зьдзек,
Каб добрым, чыстым, нязьбітым
Стаў на зямлі чалавек.
 
І ўсё ж я, як быццам, зганены,
Бо – на смутак мой, боль і жаль –
Над любоўю да вас і над нашым каханьнем
Не над вамі, а толькі над нашым каханьнем
Так палае ружовы, барвяны мігдаль.
 
19.III.1967. Ялта.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.