РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Зацьвітае дрэва Іудзіна,
Горы ў весьняй, цёплай журбе...
Ну куды ж уцячы мне, людзі,
Ад каханьня, ад дум, ад сябе?!
 
Не купляў я зямлі гаршчэчніка,
І нікога ў жыцьці не прадаў, –
Што ж ты помсьціш мне, чалавечнасьць,
Што ж ты, лёс, мне нічога ня даў?
 
Так, нічога ў жыцьці ня зроблена,
Так, пражыты нікчомны век,
Так, і словы і справы дробныя, –
Але ж хоча сьвятла чалавек,
 
Гімнаў тых, што няма і не будзе...
Рук дзіцячых і словаў яе...
Цяжка, людзі. Нясьцерпна, людзі.
Сонца здрадзіць. Шчасьце заб'е.
 
Хутка сорак і хутка восень...
Ўжо адна толькі прага пячэ,
Каб скаціліся цёплыя росы –
Хай на крыж мой зь людскіх вачэй.
 
І малю я вышэйшаю верай –
Ўздайце мне дабрынёю ці злом
Не за тое, што на паперы,
А за тое, што ў думках было.
 
Мы бываем невінаватыя,
Што зьвінім, як струны лазы,
Што вісяць нашы рукі клятыя,
Што маўчыць наш слабы язык.
 
Ўздайце мне. Хай, што будзе – будзе.
Нельга больш захлынацца ў крыві
Пад праклятым дрэвам Іудзіным
Без нянавісьці і любві.
 
6.ІV.1967, Ялта.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.