РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На вуліцы Дэшчовай
На вуліцы Дэшчовай – слата і шэрань,
І вокны, – як зь неба, – гараць уначы.
І я не зьведаў, нашто мая вера,
Нашто жыцьцё я стаўлю на шчыт?!
 
Нашто шукаю ў душы маёй – Слова?!
Праўда – нашто? І бой мой – нашто?
Нашто Касьцюшкі капец над Дэшчовай
Так марна гарыць між цяпліц і платоў?!
 
Мэта, напэўна, і ёсьць, і будзе,
І Вера, і Праўда, і Слова ёсьць...
Вярнулі б вы толькі мне, добрыя Людзі,
Любоў да ўсяго і маю маладосьць.
 
К нам прыходзяць... І гінуць у скрусе...
Калі нават іх цёплай рукою бяру...
О Божа, даруй маёй Беларусі!
І Польшчы! І ўсім на сьвеце... Даруй.
 
16.XII.1971. Кракаў.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.