На сход, на ўсенародны, грозны, бурны сход Ідзі, аграблены, закованы народ! Як роўны йдзі жыхар між роўных жыхароў Аддай на суд свае ўсе крыўды, сьлёзы, кроў. Аб вечным катаваньні, зьдзеку далажы I пакажы на курганы і на крыжы. I аб раскопаных магілах не забудзь, Дзе груганы тваіх там продкаў косьці рвуць. Як гналі пот зь цябе паны і каралі, Як гналі проч цары з радзімае зямлі. I як крываўляць раскаваныя рабы, Як ты ўпадаеш зь непасільнай барацьбы. Як Бацькаўшчыну тваю рэжуць на кускі. Як гібнеш зь дзецьмі ты ад катняе рукі – Аддаці ўсё на суд, на ўсенародны сход Ідзі, аграблены, закованы народ!
1918
|
|