РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Золак
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
З Новым Годам
З Новым Годам! З новым шчасьцем
Вас вітаю, крывічы!
Хай сягоньня ў вашай хаце
Сьмех вясёлы загучыць!
 
Мы ня марна працавалі,
Год Стары ня зганьбіў нас:
Мы сваё жыцьцё кавалі,
І наш горан не пагас.
 
І хаця ў баёх за долю
Паў ахвярай не адзін,
Ды каваць для нас няволю
Мы нікому не дадзім!
 
І хай Год Стары аб стратах
Нас прымусіў патужыць, –
Беларусь дажджэцца сьвята,
Беларусы будуць жыць!
 
Хоць ад тых крывавых ранаў
І цяпер нас боль пячэ,
Край, вякамі рабаваны,
Досыць мае сіл яшчэ.
 
Новы Год нясе надзею,
Што мы ў жорсткай барацьбе,
Сілай мужнасьці, у дзеях
Волю выкуем сабе.
 
Мы збудуем на руінах –
Згуртаванаю сям’ёй –
Долю роднае краіны,
Шлях да вольнасьці сваёй.
 
Дык сьмялей у бой з напасьцяй
У змагарны гэты час!
З Новым Годам, з новым шчасьцем,
Крывічы, вітаю вас!
 
24.XII.1943 г.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.