РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Насьледаваньне Сыракомлю
«Вясна будзе», – людзі баюць.
Ды нашто нам росквіт той?
Мы адвыкнулі ад мая,
Нас не выручыць ніхто.
Ў скутай інеем краіне,
Ў мерзлай пушчы векавой
Толькі елкі цяжка стынуць
Мёртвай зеленьню сваёй.
Ды палі ў сьнягах калеюць,
Ды на гора і на сьмех
Мох магільны зелянее
На капцах мужыцкіх стрэх.
Чэзьнеш нівай непалітай,
Усялякі церпіш зброд.
Ці ўваскрэснеш? Ці жывы ты?
Ці забіты, мой народ?
Каб вясьне прабіць дарогу,
Каб калісь вярнуўся рай, –
Слова праўды, слова Бога
Мусіш слухаць, родны Край.
І тады адтануць гоні,
Цеплынёй дыхне ральля,
Раем зоймецца зялёным
Маці – родная зямля.
Пройдзе нівамі, лясамі
Бог свабоды залатой.
Калі мы не ўстанем самі –
Не падыме нас ніхто.
 
14.XI.1979. 18.35. Менск.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.