РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Віно армянскай гісторыі
Раздан, Арташат, Аўрэшат. Што б ні ўзяць.
Сотню назваў любых абяры між іх.
Але ўсе.
Ўсе армянскія віны гарчаць,
Як гарчыць гісторыя іх.
 
Можаш тысячы кніг гэніяльных стварыць,
Збудаваць Гарні, Гегард, Кармір-Блур...
Ды зірні і ўважай:
над Масісам крывавы ятаган,
Над Масісам месяц – крывавы ятаган.
Над народам, які палюбіў і люблю.
 
Хай бы ўсім пражыць, хай бы ўсім дажыць
Без пакут,
без хлусьні,
бяз ран...
П'ю віно, а яно, халера, гарчыць,
Як стагоддзі жыцьця армян.
 
І каштую, і – ўсё ж – без ахвоты п'ю, –
Як душу прадаю сатане –
І душу народа ў ім пазнаю,
А іншай – не трэба мне.
 
Божа мой! Я пеклу б душу аддаў
І здохнуў ахвотна, як нейчы там сын,
Каб аднойчы ў жыцьці толькі «горка!» крычаў
На вясельлі дачкі армянін.
 
П'ю.
Гарчыць. І думаю я пра сябе:
О Арменія гор, што крывавяць ад ран!
Хай бы горка ўжо мне...
Хай не горка табе,
Маці мільёнаў забітых армян!
 
Хай раней за дабро памірае гнюсь,
Хай сонца жыве, хай гіне туман...
Бо як безь Беларусаў мая Беларусь,
Так Арменія без Армян.
 
Добры Божа! Гарчыць! Вось відаць і дно.
(Дзе я? Ў пекле? У раі? Дзе?)...
Зразумееш не зразу армян віно,
Як душу карабахскіх людзей.
 
Горыч вінаў Арменіі... і Беларусь...
Ну каму па плячы вас здушыць?..
Можа – горкія – мы й не да смаку камусь,
Але нам – узаемна – мы па душы.
 
21.XI.1981. 12.25 Паўн.м.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.