РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Наташы ў яе шэсьцьдзесят
Вакол нас шляхі і дарогі
І пройма людзей ля двара...
І ўсё ж такі перад Богам
Адны мы з табою, сястра.
 
Нянька мая дарагая,
Мой абаронца ў бядзе.
Каменьні няхай не трапляюць
Пад ногі твае нідзе.
 
Ні табе, ні тваім дзіцяткам
Каб ніколі ня быць у журбе...
Ат, падумаеш, шэсьць дзесяткаў –
Яшчэ шэсьць дзесяткаў табе.
 
Сто год яшчэ хай дарогі
Вядуць цябе на гару,
Хай убачыш праўнукаў многіх,
І хай любяць цябе, мой друг.
 
Як жнівеньскі добры вецер
На радасьць усім жыві.
Але ўсё ж мы адны на сьвеце
Такой вось адной крыві.
 
І калісьці – аж страшна расказваць –
Воддаль парасьцяў нашых жывых
Сядзем недзе на прызбу разам
І прыпомнім свой шлях векавы.
 
Воршу ўспомнім, тую, зялёную,
Бег крыніц ля Дняпра-ракі,
І уральскія эшалоны,
І ў цяплушках салдатаў палкі.
 
Гэта – наша. Нашы дарогі.
Тут з табою мы лёсу багі.
Тут з табой мы адны перад Богам,
Сястрычка, мой друг дарагі.
 
20.IX.1982.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.