Ты гадуй сынка, матуля, У пялёнкі спавівай, Калышы, пей люлі-люлі, Пей паціху баю-бай! Над калыскай зь бегам ночак Песьні роднай не жалей, Каб, як вырасьце сыночак, Верным вечна ён быў ей. Як навучыцца хадзіці, Маткі мову разумець, Ты вучы яго любіці, Ўсё сваё ў пашане мець. Бай яму даўнейшы казкі, Аб бацькох сваёй зямлі, Як жылі без чужой ласкі, Як слугамі не былі. Як на веча сход ззывалі I тварылі свой закон, Як жылі ды панавалі, Покі ўпалі у палон. Як жа ў розум убярэцца Твой сынок, як мак у цьвет, Дужым стане, што, здаецца, Павярнуў бы цэлы сьвет, – Выпраўляй яго у людзі, На дарогу блаславі, Разам з крыжам дай на грудзі Роднай вузельчык зямлі: Каб ня даўся ў крыўду зьдзекам, Не забыў сваіх старон, Каб вярнуўся чалавекам К роднай Бацькаўшчыне ён. Ды узяўся шчыра, міла Сеяць шчасьце, гнаць бяду, Стаў адважна словам, сілай За свой край і грамаду. ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ Гэта ўсё ўпаі дзіцяці З малаком сваіх грудзей, Бо іначай пойдзеш, маці, Жабраваць хлеб у людзей.
[1918]
|
|