РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Калі часам табе сэрца ные, баліць
I захочаш свой боль прад кім выліць ў жальбе,
Дык вось, брат малады, я тут раду падам,
Да каго бы ў той час ды зьвярнуцца табе...
 
Сярод поля – ці дзе там – над быстрай ракой
Сабе камень вялікі халодны знайдзі
I гарачай сваёй маладой галавой
З сэрцам змучаным ты да яго прыпадзі.
 
I усё ты яму шчыра, сьмела кажы,
Падзяліся усім сваім болем-жудой,
Ўсю балесьць свайго сэрца прад ім ты злажі
I пры гэтым скрапі брыльяньцістай сьлязой.
 
Ад гарачай сьлязы камень стане цяплець,
Ў лучах сонца адсьвецяцца сьлёзы твае;
Пад іх водбліск ў душы ураз стане сьвятлець,
Уся сумнасьць жуды адхлыне ад яе.
 
I адыдзеш ты зь лёгкай, спакойнай душой...
Сьмела!.. Камень ня высьмее болю твайго...
А ўспануе нядоля ізноў над табой –
Да наверніка сьмела вярніся свайго.
 
Да людзей?.. О, ніколі ня йдзі да людзей,
Бо ня змогуць яны тваіх сьлёз зразумець;
Ад халодных каменьняў іх сэрцы цьвярдзей, –
Ні сьлязой, ні жальбой іх табе не сагрэць!
 
[1919]
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.