Села пад пушчаю Восень, Вочы ўтаропіўшы ўдаль; Жаль ёй павяўшых дакосін, Сьпетых дажынак ёй жаль. Пацеры шчыра шапоча, Нудную шэпча мальбу; Творыць паціху уночы Сьвету сваю варажбу. Склікала вецер і хмары, Кожнаму дзела дала: Вецер завыў на папары, З хмары павісла імгла. Вецер, убраўшыся ў сілы, Лесам, як вехцем, трасе, Крыж вырывае з магілы, Круціць салому ў страсе. Хмара, упіўшыся морам, Хвошча і хвошча дажджом, Плача нязьмераным горам, Жаліць душу, як нажом. Вецер і хмара дахаты Просяцца, лезуць смалой: Вецер дзьме ў комін заўзята, Хмара лье ў вокны залой. Ў шчылінах сьвіст не сьціхае, Муціць, варожыць, кляне, Як бы жывы хто ўздыхае Ў сьлёзнай паўяве, паўсьне. Мокрыя каплі па шыбах Плюскаюць, хлюпчуць, бубняць, Быццам людцоў у сялібах Мецяць патопай даняць. – Скуль вы? Што трэба вам, госьці, Зваў вас які гаспадар? – З хаты пытаецца хтосьці Буйнага ветру і хмар. – Восень сюды вам за кару Выгнала нас на папас! – Гэтакі вецер і хмара Кідаюць хаце адказ. I ўзноў завыў вецер жудка, Дождж пачаў сьцёбаць сільней... А там пад пушчай ціхутка Моліцца Восень далей. Зьнізвае пацеры Восень, Вочы ўтаропіўшы ўдаль; Жаль ёй павяўшых дакосін, Сьпетых дажынак ёй жаль.
1919
|
|