Сеў ваяк на каня, Ў рукі ўзяў востры меч I пусьціўся дадня Пашукаць, каго сеч. Немалы ехаў час, – Не сустрэўся нідзе, Аж напроці якраз Вораг войска вядзе. У яго старану Гмін вядзе на грабеж; Перайшлі баразну – Пагранічны рубеж. Схамянуўся ваяк, Кроў зайграла ў грудзёх: Сьціснуў меч у руках, Конь памчаў з усіх ног. Наляцеў, як пярун, На разбойніцкі зброд; Запусьціў меч-кладун, – Сьцеражыся, народ. Б'е агонь зь дзецюка, Косіць голавы з плеч, Не здрыгнецца рука, Не тупеецца меч. Тысячу ўжо лягло, Ўжо другую сячэ, А праціўнік назло Войска больш валачэ. Гэй, трымайся, дружок! Не дрыгні ў барацьбе: Жджэ пахвалы вянок, Жджэ дзяўчына цябе! На бяду захацеў Дзеўку ўспомніць ваяк, – Меч з рукі паляцеў, Сам зваліўся наўзнак. Рухнуў побач і конь – Разам жыў, разам лёг; Неба ясная тонь Свой паслала палог. Сьпіць ваяк з доляй сам, Над ім птушка пяе, А дзяўчыне няўцям, Што памёр празь яе.
1919
|
|