РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Князь
З-за далёкай стараны
        Едзе, едзе князь, князь;
Конь пад князем буланы,
        Капытамі бразь, бразь!
 
Зброя золатам гарыць,
        Толькі ў сонцы зях, зях!
У руцэ меч князь дзяржыць,
        Так і гэтак мах, мах!
 
Скача конь на паваду...
        Ціха, косю, стой, стой!..
Чэрпе дзеўчына ваду, –-
        Як зірнула: ой, ой!
 
– Пачакай, бо даганю,
        Дзяўчынанька, гэй, гэй!
Дай вады майму каню,
        А мне песьню сьпей! сьпей!
 
Князь і молад, і прыгож,
        Як у садзе мак, мак,
I дзяўчына – як цьвет рож,
        Як лілея, так, так!
 
Піць дала каню зь вядра,
        Сьпела песьню там, там,
Князь горсьць кінуў серабра
        І паехаўсам, сам.
 
Ўзяўшы ведзеркі свае,
        Дому дзеўка йдзе, йдзе
I так жаласна пяе:
        Доля, доля, дзе, дзе?
 
1919
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.