РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Паўстань...
Паўстань з народу нашага, прарок,
Праяваў бураломных варажбіт,
I мудрым словам скінь з народу ўрок,
Якім быў век праз ворагам спавіт!
 
Зьбяры ў адну ўсю Беларусь сям’ю,
Вазьмі зь яе прысягу і зарок,
Што не прадасьць сябе, сваю зямлю...
Зьняць путы Бацькаўшчыне ўстань, прарок!
 
*

Паўстань з народу нашага, пясьняр,
Былых і будучых вякоў баян,
I ў бурны кліч, як буры ўдар,
Зь віхрамі загудзі пад звон кайдан!
 
Гудзі над Беларусяй з краю ў край,
У сэрцах сьпячых распалі пажар,
Над курганамі перуном зайграй!
Збудзіць нябожчыкаў паўстань, пясьняр!
 
*

Паўстань з народу нашага, ваяк,
I волатам на вогненным кані
Народ аграблены – бы з торб жабрак
За Бацькаўшчыну павядзі ў вагні!
 
Да хвалы шлях айчыне пакажы,
Зьмяці з палёў яе чужых бадзяк,
На стражы стань гранічнае мяжы...
Свой край заваяваць паўстань, ваяк!
 
*

Паўстань з народу нашага, Ўладар,
Адбудаваць свой збураны пасад,
Бо твой народ забыў, хто гаспадар
I хто яго абдзёр з каронных шат.
 
На Ўладара жджэ Беларусь даўно,
I жджэ цябе ўладарства Божы дар,
Вялікае, магутнае яно...
Пад беларускі сьцяг прыйдзі, Ўладар!
 
1919
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.